Вас шчыра запрашае Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей!

Чым быў цікавы 2012 год для музея

Назад

Галоўнае, з чаго трэба пачаць, што ў сакавіку 2012 года ў музеі ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна на 2007-2013 гг. пачаў рэалізавацца праект “Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць (акронім –Вандроўка ў этнаказку)”. У межах праекта ў чатырох музейных залах зараз вядуцца рамонтныя работы, вынікам якіх павінна стаць удасканаленне і абнаўленне экспазіцыі, а таксама скончана асноўная частка работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля будынка літаратурнага аддзела.
   Актыўнай была і выставачная работа. У выставачнай зале музея прайшлі тры выставы. Выстава “На крылах натхнення” дэманстравала работы майстроў з Дома рамёстваў г.п. Рось (разнастайныя пано, выкананыя ў тэхніцы вышыўкі, саломапляцення, керамікі, малюнка на тканіне).
   “Светлай памяці маёй сястры” – так называлася персанальная выстава работ самадзейнай мастачкі з г.Гродна Гур’евай Алы Лявітаўны. Гэта былі карціны і пано, выкананыя ў тэхніцы шматслойнай вышыўкі ў спалучэнні з жывапісам, розныя вырабы, створаныя рукамі мастачкі.
   Выстава “Скарбонка рамёстваў” дэманстравала розныя выцінанкі, дэкаратыўныя пано з салёнага цеста, вырабы з гліны і саломы, разьбу і роспіс па дрэву, фларыстычныя кампазіцыі. Аўтары работ – педагогі і навучэнцы Мастоўскага раённага Цэнтра рамёстваў.
   Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа музей арганізаваў выязную выставу з уласных фондаў “Нам засталася спадчына”. Акрамя выставы дзецям прапаноўвалася літаратурная віктарына “Вывучай творчасць класікаў!” і майстар-клас па ткацтву. Выстава прайшла ў 5-ці ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці: ДУА “Вялікаэйсмантаўская сярэдняя школа”, ДУА “Гімназія аграгарадка Пагранічны”, ДУА “Паплаўскі навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад – базавая школа”, ДУА “Пархімаўская базавая агульнаадукацыйная школа”, ДУА “Малабераставіцкая сярэдняя школа”.
   Яшчэ адна выстава, якая прайшла па-за межамі музея – “Гудзевіцкае падвойнае ткацтва: традыцыі і сучаснасць” ва ўстанове культуры “Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”, дзе былі прадстаўлены падвойныя дываны, саматканыя посцілкі, ручнікі і паяскі з уласных фондаў нашага музея.
   29 чэрвеня 2012 г. у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбыўся рэгіянальны семінар-практыкум па падвойнаму ткацтву, у якім прыняў удзел і наш музей. Асноўная мэта семінара – адраджэнне і папулярызацыя падвойнага ткацтва на Беларусі. Разам з майстар-класамі па ткацтве ўвазе наведвальнікаў была прадстаўлена выстава “Падвойнае ткацтва Гродзеншчыны: мінулае і сучаснае” вырабаў вядомых майстрых: Алены Шунэйкі з Гродна, Веры Белакоз з Гудзевіч, Надзеі Грыцук з Камянца. Завяршылася мерапрыемства круглым сталом па праблемах адраджэння падвойнага ткацтва ў Беларусі.
    Таксама ў 2012 годзе супрацоўнікамі музея пры падтрымцы мясцовага Дома культуры была распрацавана цікавая анімацыйная праграма “Калі ласка, у хату!”, якая ўключае гульнёвую праграму “У гасцях Сымоніхі і Лявоніхі”, тэатралізаваную экскурсію па этнаграфічным музеі-хатцы ХІХ ст. і майстар-клас па ткацтву, дзе жадаючыя могуць не толькі паглядзець, як гэта робіцца, але і паспрабаваць на маленькіх ручных кроснах ткаць паясы і закладачкі. Праграма разлічана і на дзяцей, і на дарослых.
    Сапраўднай падзеяй для музейшчыкаў у мінулым годзе стала правядзенне 12-14 кастрычніка Першага нацыянальнага форума “Музеі Беларусі”, які праходзіў у г.Гродна, дзе наш музей таксама прыняў удзел. Праграма форума ўключала не толькі працу экспазіцыі музеяў, але і дзелавую праграму, дзе абмяркоўваліся разнастайныя пытанні і праблемы, і дэманстрацыйную, дзе быў прадстаўлены вельмі багаты матэрыял з вопыту работы музеяў з наведвальнікамі. Дарэчы, у дэманстрацыйнай праграме наш музей прэзентаваў праект “Ткацтва Гудзевіцкага рэгіёну – традыцыі і сучаснасць” з майстар-класам па ткацтву на ручных кроснах.
   Напрыканцы 2012 года, 5 снежня, была наладжана “Літаратурная гасцёўня” – сустрэча з пісьменнікамі Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, што ўжо стала традыцыяй для нашага музея. У гэтым годзе сярод запрошаных гасцей былі Людміла Кебіч, Браніслаў Ермашкевіч, Алесь Хітрун, Алена Руцкая. Пісьменнікі знаёмілі прысутных са сваімі творамі, расказвалі пра сябе, пра свой творчы шлях.

Спадзяемся, што 2013 год будзе яшчэ больш цікавым і насычаным!

ШЧЫРА ЗАПРАШАЕМ ДА НАС!

 

 

 

Тэлефон: 8(01515)3-93-12