Вас шчыра запрашае Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей!

Наша праца ў Год культуры

Назад

Цікавым і змястоўным быў 2016 год для ўстановы культуры “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей”. Акрамя традыцыйных экскурсій, выставак, лекцый, заняткаў ткацкага гуртка ў музеі ладзіліся і мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года культуры. Асаблівая ўвага была нададзена тэме падвойнага ткацтва, якое з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Супрацоўнікі музея прынялі ўдзел у рэгіянальным свяце “Ад прадзіва да ткацтва” 14 красавіка, а 14-18 ліпеня пабывалі на “Славянскім базары – 2016” у Віцебску. А ў самім музеі 9 красавіка прайшоў “Гудзевіцкі фэст. Ткацтва”, на якім усе жадаючыя маглі паспрабаваць асвоіць ткацкае рамяство хаця б на маленькіх ручных кроснах, паглядзець, як ткуцца сурвэткі, пабываць на майстар-класе па падвойным ткацтве, які традыцыйна праводзіла  Белакоз Вера Ігнатаўна, народны майстар. Яшчэ больш цікавай для тых, хто займаецца ткацтвам, была летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”, якая праходзіла 10-12 чэрвеня. У гэтыя дні ўсе ахвочыя маглі назіраць за працэсам снавання, запраўкі кроснаў і, канешне ж, вучыцца ткаць. Праграма была насычаная і ўключала і тэарэтычную частку, і практычную. Акрамя гудзевіцкіх ткачых сваім майстэрствам з прысутнымі дзяліліся Марына Камінская,  Яўгенія Станіна і Алена Шунейка з Гродна, а найбольш удзячнымі ўдзельнікамі былі госці з Мінска, большасць з якіх – сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

 Пытанні захавання народнай спадчыны, традыцыйных рамёстваў, абрадаў, песеннай і танцавальнай культуры для музейных работнікаў заўжды вельмі актуальныя. Сумесна з Гудзевіцкім філіялам “Цэнтр вольнага часу і культуры” ў музеі праводзяцца цікавыя гульнёвыя праграмы для наведвальнікаў, пад час якіх ідзе знаёмства з народнымі гульнямі, танцамі, песнямі, загадкамі. Тэматыка такіх праграм пастаянна пашыраецца, падбіраецца адпаведна народнага календара для розных узроставых груп, што прыязджаюць у музей з Гродна, Ваўкавыска, Шчучына і іншых рэгіёнаў. Для мясцовага насельніцтва распрацаваны цыкл “Гудзевіцкі фэст”, кожнае мерапрыемства якога прысвечана нейкай пэўнай тэме. 28 жніўня, напрыклад, ён быў прысвечаны беларускім народным танцам.  

Год культуры завершаны, але тыя напрацоўкі, тая работа, што вялася на працягу яго, усё самае цікавае абавязкова будзе праводзіцца і ў новым годзе, каб праца гэтая па-ранейшаму давала свой плён, далучала нас да лепшых здабыткаў народнай спадчыны – невычэрпнай крыніцы натхнення для ўсіх работнікаў культуры.  

Тэлефон: 8(01515)3-87-82