Вас шчыра запрашае Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей!

Віртуальная выстава "Жыве ў сэрцы памяць пра вайну"

Назад

з 18 мая 2020 года

“Жыве ў сэрцы памяць пра вайну”

   75 гадоў аддзяляюць нас ад той пары, калі Вялікая Айчынная вайна завяршылася вялікай Перамогай!

  Вайна… Якое страшнае слова! Усяго адно слова, а колькі чалавечага гора змяшчаецца ў ім! Гэты час стаў цяжкім выпрабаваннем для ўсяго народа.

   На досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, парушыўшы дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Адразу пасля вераломнага нападу гітлераўская Германія разгарнула шырокае наступленне войскаў на працягу ўсёй заходняй граніцы СССР - ад Баранцава да Чорнага мора. Пачалася рэалізацыя плана "Барбароса", згодна з якім нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці "маланкавую вайну" і адным ударам разграміць СССР.

     На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў - група армій "Цэнтр", усяго 50 дывізій. Іх падтрымлівалі 1600 баявых самалётаў.

   З першага дня вайны Беларусь стала арэнай самых буйных бітваў. Першымі ўдар  прынялі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войскаў прыкрыцця. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады. Моцны раптоўны ўдар варожай авіяцыі нанёс вялікія страты войскам Заходняга фронту і парушыў сувязь паміж штабамі. Аднымі з першых аб'ектаў, на якія праціўнік скінуў бомбы, былі штабы войскаў, карпусоў і дывізій.    Галоўны ўдар у першыя гадзіны вайны германскія войскі нанеслі на двух участках фронту: у раёнах Брэста і Гродна ў паласе абароны 3-й і 4-й савецкіх армій. Так пачалася вялікая, жорсткая і кровапралітная вайна.

   Маўклівыя сведкі той жудаснай пары прадстаўлены на нашай выставе: рэшткі ваеннага ўзбраення, большасць якога знойдзена на месцы Барысаўскага аэрадрома. Гэта фляжкі для захоўвання вадкасці, кацялкі, гільзы ад патронаў і снарадаў, лазовая каробка ў якой вайскоўцы пераносілі снарады, частка кулямётнай стужкі, кірка-рыдлёўка, салдацкі куфэрак .

   Шмат гадоў прайшло з той пары, шмат людзей мужна змагалася з фашызмам. Сёння хочацца ўзгадаць імёны  ветэранаў, якіх нажаль ужо няма сярод нас, але памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах.

   Багдан Пётр Міхайлавіч. Нарадзіўся ў г. Уральску ў1915 годзе, у бежанстве. У 1918 г. памерла ад цынгі яго маці, там яе і пахавалі. Вярнуліся з бацькам на радзіму ў вёску Радзявічы.  Працавалі на сваёй гаспадарцы. Калі пачалася вайна, апынуліся на акупіраванай тэрыторыі. У 1943 годзе ажаніўся. Пасля вызвалення быў мабілізаваны на фронт. Спачатку вучэбка каля Ваўкавыска, у лесе, потым адправілі на 1-ы Беларускі фронт, дзе быў хімінструктарам 1285 гаубічнага палка 29-й гаубічнай артпрарыўнай дывізіі. У 1945 годзе , зімой, быў цяжка паранены: адну нагу адарвала, а на другой пачалася гангрэна і яе ампутавалі. На лячэнне адправілі ў Куйбышаў. Там знаходзіўся на лячэнні да ліпеня 1945 года. У шпіталі зрабілі яму пратэзы, навучылі на іх хадзіць. Пасля вайны працаваў у сельгасгаспадарцы кладаўшчыком, загадчыкам фермы, пазней намеснікам старшыні калгаса “Іскра”.  Меў вельмі шмат узнагародаў: “Ордэн Айчыннай вайны II ступені”,  “Ордэн Айчыннай вайны I ступені”, медаль “Ветеран войны 1941-1945”, медаль “Георгий Жуков”, медаль “За Победу над Германией”, медаль “20 лет Победы в в Великой Отечественной  войне 1941-1945 гг.” медаль “25 лет Победы в в Великой Отечественной  войне 1941-1945 гг.”….

Аксаміт Уладзімір Маркавіч. Нарадзіўся ў вёсцы Радзявічы ў 1918 годзе.Сям’я была вялікая. Шмат дапамагаў бацькам. Працаваў у калгасе паляводам. Мае ўзнагароды за працу. Скончыў тры класы. Вучыцца далей не было магчымасці. Ваяваў у Беларусі, Польшчы.  У Польшчы быў цяжка паранены, ледзь выжыў. Падабралі мясцовыя жыхары, выхадзілі, паставілі на ногі.  Узнагароды: ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені, некалькі медалёў.

Дзямбіцкі Уладзімір Дзмітрыевіч. Нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Радзявічы. У сям’і гадавалася сем дзяцей. Пры Польшчы мелі сваю гаспадарку. У 1944 годзе быў мабілізаваны на фронт. Спачатку быў у Полацку, потым у Волагдзе, дзе фарміравалі дывізію, якую перакінулі пад Кёнігсберг, затым у Данію. Быў аўтаматчыкам у пяхоце. Перамогу сустрэў у Даніі. У ліпені 1945 года вярнуўся дадому. У хаце чакала яго жонка з сынам. Пасля вайны працаваў у калгасе.

Шэўчык Канстанцін Хведаравіч. Нарадзіўся ў 1907 годзе ў Шчучынскім раёне. У 1939 годзе быў прызваны на польска-нямецкую вайну. У 1941 годзе пайшоў на фронт дабравольцам. Паранены не быў. Быў моцна веруючы і лічыў, што яго Бог бярог.

Шыдлоўскі Мікалай Аляксандравіч пайшоў на вайну ў 1945 годзе. Ваяваў на II Беларускім фронце.

Андрэйчык Аляксандр Маркавіч пайшоў на фронт у 1944 годзе. Ваяваў на II Беларускім фронце.

Побач з фотаздымкамі ветэранаў вы можаце ўбачыць шматлікія іх узнагароды (ордэнскія кніжкі, пасведчанні да медалёў), якія гавораць аб мужнасці і самаадданасці нашага народа ў барацьбе за Радзіму.

Вашай увазе прадстаўлены лісты-падзякі нашым мужным героям: Улановічу Уладзіміру Аляксандравічу. 1945 г., Улановічу Івану Осіпавічу.,які ваяваў у радах 2-га Беларускага фронту 1945 г., Шульзе Мікалаю , ваяваўшаму ў радах Польскага войска 1945 г., Васілеўскаму Віктару Іванавічу за ўзяцце Берліна.

   Нашу тэрыторыю вызваляла 348-я Бабруйская Чырвонасцяжная ордэна Кутузава 2 ступені стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Андрэевіча Грэкава. Была яна сфарміравана вельмі хутка, за тры месяцы, на Урале.

   З 23 чэрвеня 1944 года дывізія прымала ўдзел у Беларускай аперацыі. З 12 па 18 ліпеня дэвізія фарсіравала рэкі: Рось, Свіслач і з баямі заняла Казлы, Канюхі, Ярмолку, дзе замацавалася, вядучы разведку і назіранне за праціўнікам. За гэты перыяд заняла важныя апорныя пункты немцаў: Масты, Рось, Воўпа, Беласток і інш. 16 ліпеня 1944 года была вызвалена тэрыторыя  Гудзевіцкага сельскага Савета. Адбіла шмат конратак праціўніка. Прымала ўдзел у Берлінскай наступальнай аперацыі. У ходзе паспяховага завяршэння аперацыі «Баграціён» савецкія войскі знішчылі і ўзялі ў палон звыш 500 тыс. гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Фактычна спыніла існаванне адна з самых моцных груповак вермахта — група армій «Цэнтр».

  Завяршыла свой паход 348-я дывізія на рацэ Эльба 8 мая 1945 года. Расфарміравана ў красавіку 1946 года. За час вайны панесла вялікія страты, але ніводнага разу не ўступіла ворагу.

   У 1986 годзе ў Гудзевіцкай сярэдняй школе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі 348-й дывізіі : генерал-маёрам Міхаілам Андрэевічам Грэкавым і маёрам Лазарам Абрамавічам Агранатам. Матэрыялы пра слаўную дывізію і фотаздымкі той сустрэчы прадстаўлены ў нас на выставе.

    Тэма Вялікай Айчыннай вайны, да якой звяртаюцца пісьменнікі, стала вызначальнай для сучаснай беларускай літаратуры. Творы, прадстаўленыя ў нас на выставе, даюць шырокае апісанне страшнай трагедыі, таксама расказваюць нам пра франтавое жыццё і партызанскі рух на Беларусі. Вашай увазе прадстаўлены творы Васіля Быкава на беларускай і польскай мовах, Паўла Кавалёва, Пятруся Броўкі, Генрыха Далідовіча. Кніга нарысаў “Вечны агонь Перамогі” гэта не толькі аповед пра гераічныя чалавечыя лёсы, але і своеасаблівы духоўны запавет людзей, якія ведаюць сапраўдную цану Перамогі, сягонняшнім і наступным пакаленням, іх шчырая споведзь пра час і пра сябе. У кнізе “Памяць. Мастоўскага раёна” асвятляецца гісторыя Мастоўшчыны. Асаблівая ўвага ўдзяляецца падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Прыводзяцца спісы партызан, падпольшчыкаў, мірных жыхароў,, воінаў Чырвонай Арміі, якія аддалі жыццё ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ці стала ахвярамі фашысцкага тэрору, землякоў, якія прайшлі франтавымі дарогамі.

   Доўгія тры гады знемагала пад фашысцкім ярмом беларуская зямля. Галоўным сродкам насаджэння тут свайго "новага парадку" нацысты выбралі палітыку генацыду і масавага крывавага тэрору. Гітлераўцы чынілі нечуваныя зверствы, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей. Канцлагеры, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Усяго ў межах рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета. Толькі ў адным з іх, Трасцянецкім, загінулі 206,5 тыс. чалавек.

У гэтай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара - памяць аб іх будзе жыць вечна.

   Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак аб мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей

Тэлефон: 8(01515)3-93-12