Вас шчыра запрашае Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей!

"Літаратурная гасцёўня - 2022"

Назад

У нашым музеі на працягу ўжо некалькіх гадоў з’явілася добрая традыцыя: у снежні месяцы мы запрашаем да нас у госці пісьменнікаў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і адчыняем для ўсіх ахвотных “Літаратурную гасцёўню”!

Заўсёдны наш госць – Людміла Антонаўна Кебіч, паэтэса, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ. Паколькі сустрэча ладзіцца ў канцы года, можна сказаць, што “Літаратурная гасцёўня” – рэпетыцыя падвядзення гадавых вынікаў. Людміла Антонаўна апавядала прысутным пра адметныя падзеі, праекты, якія адбыліся на працягу года, знаёміла са зборнікамі, якія выйшлі ў суполцы і анансіравала будучыя выданні. Безумоўна, паэтка “прапела” слухачам свае добрыя і мілагучныя вершы.  

А вось хто прыедзе разам з Людмілай Антонаўнай – заўсёды для нас прыемны сюрпрыз. У гэты раз перад мясцовымі жыхарамі выступіла Людміла Уладзіміраўна Шаўчэнка. Неглядзячы на тое, што паэтка піша свае вершы на рускай мове, атрымаўшы ўжо трэці раз запрашэнне ў Гудзевічы, вырашыла паспрабаваць сваё мастацтва на беларускай мове. Можам сказаць, што дарэмна хвалявалася Людміла Уладзіміраўна. Вершы выйшлі шыкоўнымі, быццам паэтка заўсёды пісала на беларускай мове.

Дзмітрый Радзівончык упершыню завітаў на гудзевіцкую зямлю і ўразіў нашых людзей сваімі вершамі і іх артыстычным выкананнем. Яшчэ пісьменнік прысвяціў “Гудзевічам” акраверш. А які незвычайны паэтычны дыялог выйшаў паміж Людмілай Антонаўнай і Дзмітрыем Мікалаевічам… Хто быў, той ведае (^_~)

У Аляксандра Ганчарова таксама быў дэбют на сустрэчы. Паэт толькі збіраецца ўступіць у СПБ і паэтычнымі выступленнямі не балаваны, таму хваляваўся, але падтрымка слухачоў, якія ацанілі прыгажосць, арыгінальнасць і непаўторнасць яго вершаў, спадзяемся, падбадзёрыла Аляксандра Аляксандравіча і падарыла цёплыя ўспаміны аб сустрэчы.  

Мікалай Пятровіч Іваноўскі ў прадстаўленні не мае патрэбы. Гэта наш мясцовы паэт, які з 2019 года з’яўляецца членам СПБ. Яго заўсёды чакаюць, пра яго заўсёды пытаюць, яго вершы вельмі любяць за шчырасць, утульнасць, лірыку і гумар. На сённяшней сустрэчы з вуснаў паэта прагучаў верш памяці Алеся Мікалаевіча Белакоза (заснавальніка музея), а таксама вершы, у якіх адлюстраваны адносіны аўтара да  сучасных міжнародных падзей і закладзены моцны пасыл да дабрыні, надзеі, прыгажосці.

Па завяршэнні мерапрыемства музею на добры ўспамін пісьменнікі пакінулі свае зборнікі. Прысутныя мелі магчымасць задаць майстрам слова свае пытанні, пазнаёміцца з міні-выстаўкай кніг, падараваных музею пад час такіх сустрэч.

Дзякуем усім, хто завітаў на сустрэчу і дапамог стварыць цёплую і звыклую атмасферу зацікаўленасці! 

  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей
  • Гудзевіцкі музей

Тэлефон: 8(01515)3-93-12