"Гудзевіцкі фэст. Ткацтва"32>
Распачалося свята з невялікай прэзентацыі, у час якой супрацоўнікі музея пазнаёмілі прысутных з аб'ектамі нематэрыяльнай спадчыны Гродзеншчыны, расказаўшы пра падвойнае ткацтва і "Котчынскую кадрыль", якія бытуюць на нашай Мастоўшчыне, пра двухнітовае ткацтва, захаваннем якога апякуюцца ў Ваўкавыскім раёне, творчасць Алены Шунейка па вырабе габеленаў з Гродна, пра "Абрад Юр'я" з Дзятлаўшчыны, выцінанкі-выбіванкі Наваградчыны, пра музычныя інструменты Мар'яна Скрамблевіча і адметную рэгіянальную народную кухню з Адэльска, велікодныя вербачкі і пісанкі Гродзенскага раёна.
Далей да ўвагі прысутных прапаноўваліся майстар-класы па ткацтве і на маленькіх, і на вялікіх кроснах, а за станком з падвойным дываном працавала народны майстар Белакоз Вера Ігнатаўна, якая таксама з ахвотай расказвала ўсім цікавым пра адметнасці падвойнага ткацтва.
Таксама жадаючыя маглі прайсціся па музейных залах і паслухаць аглядную экскурсію, паглядзець на работы мясцовых жанчын на выстаўцы "Калі ў душы вясна...", на "Фантазіі ў дрэве" Анатоля Зубанава.
А каля нашай хаткі пад гукі народных песень гулялі, спявалі і танцавалі ўсе ахвотныя. Тут добрым настроем дзяліліся з прысутнымі работнікі Гудзевіцкага філіяла цэнтра вольнага часу і культуры, а актыўна ім дапамагалі маленькія мясцовыя артысты.
Выстава-продаж сувенірных вырабаў, якую арганізаваў Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў, дазволіла кожнаму з прысутных пакінуць сабе на памяць пра наш фэст які-небудзь падаруначак на самы патрабавальны густ.