Вас шчыра запрашае Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей!

Праект "Дзіва дзіўнае!!!"

Назад

“Дзіва Дзіўнае” ў месяцы маі вярнулася з вельмі асаблівай тэмай для нашага Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея – падвойнае ткацтва. Тым больш што прадстаўнік дадзенай тэхнікі ткацтва пакуль што з’яўляецца самым старым экспанатам сучаснай экспазіцыі. А мову мы вядзем пра падвойны дыван, які быў перададзены з Індурскага касцёла. На дыване з ніцей зялёнага і чырвонага колераў натканы год “1898”. Гэты дыван пад час набажэнстваў у Індурскім касцёле жанчына засцілала пад ногі (ён з воўны, таму вельмі цёплы), па гэтай прычыне стан захаванасці яго не вельмі добры. Назва “падвойны” або “двухасноўны” (польск. “podwojna”, “dwuosnowowa”, англ. “doublethread”) вынікае з асаблівасцей тэхнікі выканання. Дыван быццам складаецца з дзвюх асобных тканін, якія спалучаюцца адна з адной па краях і ў месцах узору. Тым не менш, наяўнасць даты на гэтым дыване надае яму выключную каштоўнасць. Калі ў 1987 годзе ў Мінску праходзіла выстава падвойных дываноў, то менавіта гэты дыван з фондаў нашага музея быў самы старажытны.

А калі вас зацікавіла дадзеная тэма і вам хочацца больш падрабязней даведацца пра гісторыю развіцця падвойнага ткацтва, убачыць калекцыю падвойных дываноў нашага музея, авалодаць тэхнікай двухасноўнага ткацтва, то 8-9 чэрвеня Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей запрашае на летнюю школу “Майстэрня падвойнага ткацтва”! Больш падрабязную інфармацыю аб мерапрыемстве можна даведацца ў нашых сацыяльных сетках і па тэлефону (801515) 38782.

 

Тэлефон: 8(01515)3-87-82