Вас шчыра запрашае Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей!

"Лекавыя расліны"

Назад

з 20 жніўня па 17 верасня 2019 года

Лекавыя расліны.

         Лес і поле. Роўнае святло.

                    Кожны лісцік, як душа, свіціцца.

                        Колькі нас, няўважлівых, прайшло

                 Каля вас, авёс, чабор, ігліца…

         Каля вас, жывыя карані –

                                                 Вечнасці найноўшыя каралі…

                                                 Колькі вы душы і цеплыні

                                                 Людзям і нябёсам аддавалі!

                                                                                    Уладзімір Марук

   Прырода! Чароўная прырода нашай Беларусі! Колькі хараства, таямнічасці і непаўторнасці ты захоўваеш!

    Прыпыніцеся на хвілінку ад  штодзённай мітусні, агляніцеся навокал, узгадайце мілыя сэрцу краявіды, зазірніце ў вочы яе вялікасці Прыродзе і вы адчуеце, як многа яна хоча  расказаць, колькі прыгожага і карыснага ў сабе тоіць. Здзейсніць такое падарожжа  можна  наведаўшы выставу “Лекавыя расліны”, якая  дзейнічае да 17 верасня ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі.

  20 жніўня адбылося адкрыццё  выставы. Прыйшлі да нас і дарослыя, і дзеці . Колькі ж зацікаўленых вачэй мы ўбачылі! Тут усе разам узгадалі, што лекавыя расліны былі вядомы людзям яшчэ з далёкай мінуўшчыны. Спажываючы розныя плады, карані і зёлкі, чалавек пачаў заўважаць, што некаторыя з іх даюць палёгку. Так паступова назапашваліся звесткі аб прымяненні раслін, якія перадаваліся  з пакалення ў пакаленне. Шмат   

імёнаў выдатных навукоўцаў, урачоў,  якія займаліся вывучэннем таямніц прыроды , прагучала падчас сустрэчы.

   А затым было знаёмства з карыснымі  раслінамі,  якія акружаюць нас у паўсядзённым жыцці, а сёння прадстаўлены на  выставе.  Паглядзець тут ёсць на што, таму што акрамя гербарыя з уласных фондаў музея экспануецца і гербарый з фондаў  Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек”. Пацікавіцца рэцэптамі народнай медыцыны, убачыць аптэкарскія вагі, якімі карысталіся раней, дакрануцца да знакамітага  “Батанічнага слоўніка” Зоські Верас, атрымаць шмат  звестак аб раслінах, аб спецыфіцы іх нарыхтоўкі і захоўвання  можна , завітаўшы да нас.

  • Гудзевіцкі музей

Тэлефон: 8(01515)3-93-12